ГО́МЕЛЬСКАЕ ВЫТВО́РЧАЕ ДРЭВААПРАЦО́ЎЧАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ «ГОМЕЛЬДРЭ́Ў».

Засн. ў 1929 як дрэваапрацоўчы камбінат разам з фабр.-зав. вучылішчам. Выпускаў мэблю, паркет, драбіны, піламатэрыялы, тару. У 1941 вырабляў лыжы для самалётаў, скрыні для снарадаў, рыштунак для ваенізаваных абозаў, потым эвакуіраваны ў Сталінград, дзе выпускаў прадукцыю для фронту. У 1944 адноўлены ў Гомелі. У 1971 на базе камбіната (галаўное прадпрыемства) створана дрэваапр. аб’яднанне з філіяламі. Асн. прадукцыя (1997): корпусная і офісная мэбля, камплекты для гасцінай, сталовай, спальныя гарнітуры, шафы для абутку, тумбы для радыё-, відэа- і телеапаратуры, сталы абедзенныя і пісьмовыя, мяккая мэбля, багет, карнізы, запалкі і інш.

т. 5, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)